Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
Трамп заявіў, што ЗША спыняць вайсковую дапамогу Ізраілю да канца 2026 году 5 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

СУСЬВЕТНАЯ ПАЛІТЫКА

Парлямэнт Грэнляндыі ўхваліў пагадненьне з ЗША і Даніяй аб вайсковай бясьпецы

3 лістапада парлямэнт Грэнляндыі 16 галасамі ўхваліў пагадненьне з ЗША і Даніяй аб умацаваньні вайсковай бясьпекі. Дакумэнт прадугледжвае пашырэньне амэрыканскай прысутнасьці пры захаваньні дацкага сувэрэнітэту. Яго яшчэ павінен разгледзець парлямэнт Даніі.

Графіка «Варты»

Парлямэнт Грэнляндыі 3 лістапада ўхваліў трохбаковае пагадненьне з ЗША і Даніяй аб умацаваньні бясьпекі ў Арктыцы і Паўночнай Атлянтыцы. За дакумэнт прагаласавалі 16 дэпутатаў, супраць не было ніводнага, сямёра ўстрымаліся.

Пагадненьне адкрывае магчымасьць для стварэньня дзьвюх новых амэрыканскіх вайсковых базаў і разьмяшчэньня элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны «Залаты купал». Пры гэтым яно пацьвярджае сувэрэнітэт Даніі і права жыхароў Грэнляндыі на самавызначэньне.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн і прэм’ер-міністар Грэнляндыі Енс-Фрэдэрык Нільсэн падпісалі пагадненьне 22 верасьня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Дамоўленасьці папярэднічалі некалькі месяцаў напружанасьці праз заявы Трампа аб магчымым пераходзе Грэнляндыі пад кантроль ЗША. Востраў застаецца самакіраванай тэрыторыяй у складзе Дацкага каралеўства. Пагадненьне прадугледжвае захаваньне дацкага сувэрэнітэту і можа дзейнічаць нават у выпадку, калі Грэнляндыя ў будучыні абярэ незалежнасьць.

Паводле Reuters, прадстаўнікі апазыцыйнай партыі Naleraq падчас абмеркаваньня паставілі пад сумнеў эканамічную выгаду пагадненьня для Грэнляндыі.

Дакумэнт яшчэ не набыў моцы. Дацкі парлямэнт плянуе разгледзець яго ў першым чытаньні 11 лістапада, а другое чытаньне і галасаваньне прызначаныя на 19 лістапада. Пагадненьне ўступіць у сілу пасьля завяршэньня неабходных парлямэнцкіх працэдураў у Даніі і Грэнляндыі.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі