Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
ААН паведаміла пра сама меней 35 загінулых ад расейскіх удараў па гуманітарным пункце ва Ўкраіне 3 гадзіны таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

ВАЙНА ВА ЎКРАІНЕ

Адзінаццаць краінаў рыхтуюць вучэньні для магчымай пасьляваеннай місіі ва Ўкраіне

9–22 лістапада каля 2800 вайскоўцаў з 11 краінаў возьмуць удзел у вучэньнях Koalicja. Наземны і паветраны кампанэнты пройдуць у Польшчы, марскі кампанэнт Турэччына арганізуе ў Стамбуле. Мэта — падрыхтоўка да магчымай місіі падтрымкі Ўкраіны пасьля спыненьня баявых дзеяньняў.

Графіка «Варты»

З 9 да 22 лістапада заплянаваныя міжнародныя вайсковыя вучэньні Koalicja з удзелам каля 2800 вайскоўцаў з 11 краінаў. Асноўныя наземныя і паветраныя мерапрыемствы пройдуць у Польшчы, а Турэччына правядзе марскі кампанэнт у Стамбуле. Пра гэта 3 лістапада паведаміла Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Вучэньнямі кіруюць Вялікая Брытанія і Францыя. Брытанскі ўдзел складзе каля 300 вайскоўцаў, а таксама самалёты Typhoon і Voyager. Сярод іншых удзельнікаў — Бэльгія, Эстонія, Нямеччына, Літва, Нідэрлянды, Польшча, Гішпанія, Швэцыя і Турэччына.

Вайскоўцы будуць адпрацоўваць перамяшчэньне асабовага складу і тэхнікі, лягістыку, кіраваньне падразьдзяленьнямі і ўзаемадзеяньне розных кампанэнтаў шматнацыянальных сілаў. Турэцкі кампанэнт праверыць арганізацыю марскога разьмінаваньня, неабходнага для бясьпечнага суднаходзтва да ўкраінскіх партоў.

Гэта першыя буйныя вучэньні Шматнацыянальных сілаў для Ўкраіны (MNF-U), створаных у межах кааліцыі дзяржаваў, якія рыхтуюць магчымую падтрымку бясьпекі Ўкраіны пасьля спыненьня баявых дзеяньняў.

Паводле брытанскага Міністэрства абароны, такія сілы маглі б дапамагаць аднаўляць украінскае войска і забясьпечваць бясьпеку паветраных і марскіх шляхоў. Іхнае разгортваньне ва Ўкраіне магчымае толькі пасьля спыненьня баявых дзеяньняў і на запрашэньне ўкраінскага ўраду.

Брытанскі бок асобна падкрэсьлівае, што MNF-U не прызначаныя для міратворчай апэрацыі або назіраньня за выкананьнем спыненьня агню. Паведамленьне пра вучэньні не азначае, што рашэньне аб фактычным разгортваньні войскаў ва Ўкраіне ўжо прынятае.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі