Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
У Алешках завяршылася лякальнае замірэньне паміж Украінай і Расеяй 10 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

ЗША: КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА

У ЗША 82-гадовую сэнатарку Вірджыніі абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага гандлю марыхуанай

Фэдэральныя ўлады абвінавацілі сэнатарку Вірджыніі Луізу Лукас і яшчэ шэсьць чалавек у меркаванай схеме незаконнага гандлю марыхуанай, адмываньня грошай і карупцыі. Лукас лічыць перасьлед палітычна матываваным.

Графіка «Варты»

Фэдэральная пракуратура ЗША абвінаваціла 82-гадовую сэнатарку штату Вірджынія Луізу Лукас у кіраўніцтве меркаванай злачыннай арганізацыяй, якая займалася незаконным распаўсюдам марыхуаны і адмываньнем грошай. Абвінаваўчы акт супраць яе і яшчэ шасьці чалавек, у тым ліку дзьвюх дачок і ўнука сэнатаркі, апублікавалі 22 кастрычніка.

Паводле Міністэрства юстыцыі, сьледзтва лічыць, што група арганізавала закупку і распаўсюд ня менш як 100 кіляграмаў марыхуаны. Дзейнасьць нібыта вялася ў тым ліку праз крамы The Cannabis Outlet і The CBD Shoppe. Дырэктар ФБР Каш Патэл ацаніў меркаваны пяцігадовы абарот схемы ў 4,5 мільёна даляраў.

Пракуроры таксама сьцьвярджаюць, што Лукас выкарыстоўвала пасаду старшыні сэнацкага камітэту па фінансах і бюджэце, каб абараняць бізнэс ад праверак і ўплываць на заканадаўства аб продажы марыхуаны. Абвінаваўчы акт утрымлівае восем пунктаў супраць сямі фігурантаў, зь якіх пяць датычацца асабіста Лукас.

Сэнатарка добраахвотна зьявілася да ўладаў. Як паведамляе Associated Press са спасылкай на судовыя дакумэнты, пасьля паседжаньня ў Норфалку яе вызвалілі пад асабістае абавязаньне зьяўляцца ў суд.

Лукас назвала дзеяньні фэдэральных уладаў спробай запалохаць яе і прымусіць замаўчаць. Яна паабяцала змагацца супраць перасьледу. Міністэрства юстыцыі адхіляе абвінавачаньні ў палітычнай матывацыі справы і заяўляе, што расьсьледаваньне пачалося яшчэ да другога прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа.

У Вірджыніі дазволена абмежаванае асабістае валоданьне марыхуанай, аднак легальны розьнічны продаж для рэкрэацыйнага выкарыстаньня плянуюць пачаць толькі ў ліпені 2027 году.

Абвінаваўчы акт не зьяўляецца доказам віны. Лукас лічыцца невінаватай, пакуль яе віна ня будзе даказаная ў судзе.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі