Унівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чапэл-Гіле заключыў пагадненьне з Міністэрствамі юстыцыі і адукацыі ЗША. Установа абавязалася зьмяніць правілы прыёму студэнтаў, стыпэндыяльныя праграмы і працэдуры рэагаваньня на антысэмітызм. Узамен фэдэральныя ведамствы закрываюць 18 расьсьледаваньняў і асобную праверку Міністэрства юстыцыі.
Пра пагадненьне афіцыйна паведамілі 19 кастрычніка. Яно ахоплівае ўсе падразьдзяленьні ўнівэрсытэту, у тым ліку бакаляўрскія, магістарскія і прафэсійныя праграмы.
Згодна з дакумэнтам, пры прыёме студэнтаў нельга выкарыстоўваць расавую прыналежнасьць або аналізаваць расавыя зьвесткі з мэтай зьмяніць склад студэнтаў. Падобныя абмежаваньні будуць дзейнічаць пры прызначэньні стыпэндыяў, фінансавай дапамогі і ўдзеле ў адукацыйных праграмах.
Унівэрсытэт таксама павінен стварыць пасаду каардынатара па выкананьні шостага разьдзелу Закону аб грамадзянскіх правах 1964 году, які забараняе дыскрымінацыю паводле расы, колеру скуры і нацыянальнага паходжаньня ў праграмах з фэдэральным фінансаваньнем.
Для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў уводзіцца абавязковае навучаньне супрацьдзеяньню антысэмітызму. Унівэрсытэт павінен разглядаць адпаведныя скаргі, а пры неабходнасьці ўзмацняць ахову студэнтаў.
На працягу 30 дзён установа прызначыць адміністратара, які будзе сачыць за выкананьнем пагадненьня. Скаргі на дыскрымінацыю трэба будзе штоквартальна перадаваць фэдэральным органам.
Пагадненьне дзейнічае да 31 сьнежня 2028 году. Унівэрсытэт захоўвае права на фэдэральнае фінансаваньне. Выплата штрафу не прадугледжаная, а закрыцьцё расьсьледаваньняў адбываецца без афіцыйнага прызнаньня парушэньняў.
Канцлер унівэрсытэту Лі Робэртс заявіў, што дамоўленасьць дазваляе ўрэгуляваць спрэчкі і захаваць адукацыйную місію ўстановы.