Вярхоўны суд ЗША 19 кастрычніка адмовіўся пераглядаць рашэньне, якое пакінула безь сілы пагадненьні аб прызнаньні віны Халідам Шэйхам Мухамэдам і двума іншымі абвінавачанымі ў арганізацыі тэрактаў 11 верасьня 2001 году.
Пагадненьні, дасягнутыя з вайсковымі пракурорамі ў 2024 годзе, прадугледжвалі прызнаньне віны ў абмен на пажыцьцёвае зьняволеньне без магчымасьці датэрміновага вызваленьня. Такім чынам абвінавачаныя пазьбеглі б сьмяротнага пакараньня.
Тагачасны міністар абароны Лойд Остын скасаваў пагадненьні. Абарона сьцьвярджала, што ён зрабіў гэта занадта позна і ня меў адпаведнага права на той стадыі працэсу. Аднак фэдэральны апэляцыйны суд падтрымаў рашэньне міністра. Цяпер Вярхоўны суд адмовіўся пераглядаць яго.
Разам з Мухамэдам зварот падавалі Мустафа аль-Хаўсаві і Валід бін Аташ. Абвінавачаньні супраць іх разглядае вайсковая камісія ў Гуантанама. Працэс папярэдне прызначаны на чэрвень 2028 году, калі бакі выканаюць неабходныя працэсуальныя ўмовы.
Судовая справа цягнецца ўжо больш за два дзесяцігодзьдзі. Сярод прычынаў затрымак была спрэчка аб выкарыстаньні доказаў, атрыманых падчас катаваньняў затрыманых у сакрэтных турмах ЦРУ. Пытаньне аб сьмяротным пакараньні застаецца адкрытым.