Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 19 кастрычніка падпісаў указ аб стварэньні новага падразьдзяленьня жаночага здароўя ў Нацыянальных інстытутах здароўя (NIH) і міжведамаснай працоўнай групы пры Белым доме. Ініцыятыву падтрымлівае першая лэдзі Мэланія Трамп.
Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў павінна арганізаваць новае падразьдзяленьне на працягу 90 дзён. Яно будзе працаваць разам з ужо існуючым Упраўленьнем дасьледаваньняў жаночага здароўя NIH, каардынаваць навуковыя праграмы і спрыяць выкарыстаньню вынікаў дасьледаваньняў у лячэньні.
Сярод напрамкаў працы названыя сардэчна-судзінныя захворваньні, рак, хвароба Альцгаймэра, бясплодзьдзе, эндаметрыёз, мэнапаўза, астэапароз і праблемы псыхічнага здароўя. Асобную ўвагу плянуюць надаваць удзелу жанчын у клінічных дасьледаваньнях і ўліку біялягічнага полу пры навуковым аналізе.
Працоўную групу Белага дому ўзначаляць міністар аховы здароўя Робэрт Кенэдзі-малодшы і кіраўніца апарату Белага дому Сьюзі Ўайлз. У яе склад увойдуць прадстаўнікі некалькіх фэдэральных ведамстваў.
Адначасова Трамп адмяніў указ Джо Байдэна ад 18 сакавіка 2024 году і прэзыдэнцкі мэмарандум ад 13 лістапада 2023 году, якія таксама датычыліся дасьледаваньняў жаночага здароўя.
Новы ўказ не вызначае асобнай сумы фінансаваньня навуковых праграмаў. Яго рэалізацыя залежыць ад сродкаў, выдзеленых у адпаведнасьці з заканадаўствам. Таму пакуль не абвешчана, колькі дадатковых грошай атрымаюць дасьледчыя цэнтры і калі новыя распрацоўкі стануць даступнымі пацыенткам.