У акрузе Харыс на захадзе аглямэрацыі Х’юстана аўтамабіль амэрыканскай іміграцыйнай службы ICE зьбіў мужчыну падчас апэрацыі па затрыманьні. Пацярпелага даставілі ў шпіталь з траўмай нагі. Офіс шэрыфа акругі расьсьледуе абставіны наезду.
Здарэньне адбылося раніцай 10 кастрычніка каля Clay Road і Highway 6. Паводле офісу шэрыфа акругі Харыс, супрацоўнікі ICE перасьледавалі аўтамабіль, зь якога выйшлі двое мужчын і пабеглі ў розных кірунках. Адзін зь іх, 48-гадовы Мігель Пара-Эрнандэс, трапіў пад пазадарожнік, якім кіраваў супрацоўнік ICE.
Тэлеканал ABC13 атрымаў запіс камэры назіраньня. На відэа бачна, як цёмны пазадарожнік паварочвае на стаянку гандлёвага цэнтру і зьбівае мужчыну, які бяжыць. ICE сьцьвярджае, што Пара-Эрнандэс выбег перад аўтамабілем. Аднак відэазапіс паказвае, што пазадарожнік перад сутыкненьнем павярнуў налева праз свабодныя месцы для паркоўкі. Абставіны манэўру высьвятляюць сьледчыя.
Паводле ICE, мэтай апэрацыі быў іншы мужчына, Хасэ Мэндоса-Сэрвантэс, адносна якога дзейнічае пастанова аб дэпартацыі. Паводле апошніх правераных паведамленьняў, яго не затрымалі.
Офіс шэрыфа вывучае відэазапісы і абставіны сутыкненьня. Пракурорка акругі Харыс Эбі Камін заклікала ICE цалкам супрацоўнічаць зь мясцовым расьсьледаваньнем. Пара-Эрнандэс знаходзіцца ў стабільным стане ў шпіталі і застаецца пад вартай ICE.