Новае дасьледаваньне 77 былых беларускіх палітвязьняў, якія пасьля вызваленьня эмігравалі, зафіксавала шырокае распаўсюджаньне жорсткага абыходжаньня ў зьняволеньні. Пра псыхалягічныя катаваньні або жорсткае абыходжаньне паведамілі 98,6% апытаных, пра фізычныя — 88,3%.
Пра гвалт падчас затрыманьня заявілі 85,7% удзельнікаў. 52,1% паведамілі пра карны ізалятар, 30,1% — пра суіцыдальныя думкі ў зьняволеньні, 12,3% — пра самапашкоджаньні; чатыры ўдзельнікі паведамілі пра спробы самагубства.
Аўтары — Уладзімер Пікірэня, Марына Касінерава, Юлія Лагвіненка і Андрэас Мэркер — правялі папярочнае апытаньне і шэсьць паўструктураваных інтэрвію. Самі аўтары падкрэсьліваюць, што выбарка складаецца з былых палітвязьняў, якія эмігравалі, таму вынікі нельга аўтаматычна пераносіць на ўсіх людзей, якія прайшлі праз палітычнае зьняволеньне ў Беларусі. Дасьледаваньне апублікаванае 1 кастрычніка ў навуковым часопісе Torture Journal.