Палата прадстаўнікоў Беларусі 5 лістапада прыняла законапраект аб ратыфікацыі Дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Паўночнай Карэяй. Дакумэнт быў падпісаны 26 сакавіка 2026 году ў Пхэньяне падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі.
Дамова прадугледжвае разьвіцьцё палітычнага, эканамічнага, гандлёвага і культурнага супрацоўніцтва. Для каардынацыі гандлёва-эканамічных адносінаў бакі плянуюць выкарыстоўваць супольную міжурадавую камісію.
Асобныя палажэньні датычацца бясьпекі. Беларусь і КНДР абавязваюцца ня ўдзельнічаць у саюзах і блёках, накіраваных супраць ключавых інтарэсаў другога боку, у тым ліку ягонага сувэрэнітэту, бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Дакумэнт таксама прадугледжвае недапушчэньне выкарыстаньня тэрыторыі аднаго боку для ўзброенай агрэсіі супраць другога.
Пагадненьне разьлічанае на дзесяць гадоў. Пасьля гэтага яно будзе аўтаматычна падаўжацца на пяць гадоў, калі адзін з бакоў загадзя не паведаміць пра намер спыніць яго дзеяньне.
У тэксьце таксама прадугледжанае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў, рэгіёнаў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама садзейнічаньне паездкам грамадзянаў дзьвюх краінаў.
Падпісаньне дакумэнту адбылося ў сакавіку, а цяперашні этап зьвязаны з ягоным заканадаўчым ухваленьнем у Беларусі. Прыняцьце законапраекту Палатай прадстаўнікоў само па сабе яшчэ не пацьвярджае завяршэньня ўсіх неабходных працэдураў і ўступленьня дамовы ў сілу.