Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
У Алешках завяршылася лякальнае замірэньне паміж Украінай і Расеяй 15 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

АМЭРЫКА БЕЗ ПЕРАКЛАДУ

Iced coffee на сумоўі: кава тут ні пры чым

Спрэчка вакол iced coffee на сумоўі паказвае, што ў ЗША дробныя паводзінныя сыгналы могуць па-рознаму счытвацца як прафэсійныя або занадта casual; універсальнай забароны няма, і шмат залежыць ад культуры кампаніі.

Графіка «Варты»

Ты заходзіш на job interview, або сумоўе, з кубкам iced coffee у руцэ. Для цябе гэта проста кава. Для чалавека насупраць яна можа раптам стаць паведамленьнем пра тое, наколькі сур’ёзна ты ўспрымаеш сустрэчу. Дзіўна? Менавіта таму вакол такой дробязі ў ЗША разгарэлася цэлая спрэчка пра прафэсійны этыкет.

Рэкрутэрка Кэйтлін Вэніайнэн, якая працуе пераважна з буйнымі карпарацыямі, параіла кандыдатам не прыходзіць на сумоўе з халоднай кавай навынос. Яе аргумэнт: у больш фармальным асяродзьдзі кубак можа выглядаць занадта casual, то бок нязмушана, нібы інтэрвію — яшчэ адзін пункт паміж Starbucks і Target. Пасьля бурнай рэакцыі яна ўдакладніла People, што гэта не ўнівэрсальнае правіла: чаканьні залежаць ад кампаніі і самой працы.

The Wall Street Journal апісаў тую ж спрэчку як сутыкненьне розных уяўленьняў пра professionalism, або прафэсійнасьць. Частка старэйшых рэкрутэраў бачыць у напоі непатрэбную нязмушанасьць або адцягненьне ўвагі; многія маладзейшыя работнікі ня бачаць у ім нічога істотнага. Пры гэтым нават удзельнікі дыскусіі сыходзяцца ў адным: кантэкст важнейшы за саму каву.

Таму карыснае правіла тут не «на сумоўі нельга піць». Яно больш амэрыканскае і менш зручнае: read the room — ацані абстаноўку. У юрыдычнай фірме, банку або іншым фармальным офісе кубак навынос можа стварыць лішні сыгнал, якога табе не патрэбна. У нефармальнай кампаніі ён можа наогул нікога не зацікавіць.

Калі культура кампаніі табе невядомая, самы бясьпечны варыянт просты: скончыць каву да ўваходу. Не таму, што сама кава «непрафэсійная», а таму, што на сумоўі лепш не прымушаць чалавека насупраць разважаць пра твой кубак замест тваёй працы.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі