На канфэрэнцыі ў Вільні 25 верасьня прэзэнтавалі параўнальны рэйтынг мэдычнай дапамогі ў 14 беларускіх турмах і калёніях. Дасьледаваньне грунтуецца на анкетах 58 былых зьняволеных.
Найніжэйшыя вынікі атрымалі турма № 1 у Горадні — 43,87% і калёнія № 17 у Шклове — 47,06%. Найвышэйшыя ацэнкі сярод 14 установаў атрымалі калёніі № 24 у Зарэччы і № 22 у Даманаве — 64,91% і 64,76% адпаведна.
Арганізацыя «Лекары за праўду і справядлівасьць» апублікавала справаздачу 16 верасьня і паведаміла, што накіравала яе профільным спэцдакладчыкам ААН, міжнародным арганізацыям і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі. Рэйтынг апісвае досьвед апытаных былых зьняволеных і не зьяўляецца дзяржаўнай статыстыкай або незалежным аўдытам усіх установаў.