Першая за чатыры гады партыя беларускіх калійных угнаеньняў павінна прыбыць у порт Новага Арлеану ў кастрычніку, паведаміла галіновае агенцтва Argus Media. Паводле яго, гаворка пра каля 30 000 тон хларыду калію (MOP).
Гэта больш канкрэтны этап, чым ранейшыя заявы пра магчымую ўгоду. 21 верасьня Дональд Трамп заявіў, што ЗША працуюць над буйной закупкай беларускага калію; Reuters пацьвердзіла сам факт гэтай заявы, але не паведамляла дэталяў канкрэтнай пастаўкі.
«Варта» ўжо пісала пра заяву Трампа у папярэднім матэрыяле. Цяпер новы факт — паведамленьне пра абʼём, порт і месяц чаканай пастаўкі.
World Fertilizer, пераказваючы Argus, піша, што пастаўка стане першай за чатыры гады. Незалежнага пацьверджаньня маршруту або даты прыбыцьця ад перавозчыка ці порту на момант праверкі не знойдзена.