4 лістапада Эўрапейская камісія прыняла штогадовы пакет дакумэнтаў аб пашырэньні Эўразьвязу і прадставіла арыентыровачныя дарожныя мапы для Чарнагорыі, Альбаніі, Малдовы і Ўкраіны.
Паводле Эўракамісіі, гэтыя чатыры краіны прасунуліся ў перамовах аб уступленьні. Аднак неабходныя рэформы, асабліва ў сфэрах вяршэнства права, дэмакратычных інстытутаў і дзяржаўнага кіраваньня, застаюцца абавязковымі ўмовамі далейшага руху.
Чарнагорыя ўжо вядзе працу над дамовай аб уступленьні. Альбанія ставіць за мэту завяршыць перамовы да 2027 году, а Малдова — да пачатку 2028 году.
Украіна, нягледзячы на працяг расейскай вайны, адкрыла чатыры перамоўныя тэматычныя блёкі. Камісія лічыць, што яна выканала ўмовы для адкрыцьця астатніх. Кіеў імкнецца завяршыць перамовы да канца 2028 году, але павінен працягваць рэформы судовай сыстэмы, дзяржаўнага кіраваньня і антыкарупцыйных інстытутаў.
Адначасова Эўракамісія канстатавала адсутнасьць істотнага прагрэсу Сэрбіі ў перамовах і заклікала яе аднавіць рэформы ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і незалежнасьці судоў.
Завяршэньне перамоваў не азначае аўтаматычнага ўступленьня ў ЭЗ. Для прыёму новай дзяржавы патрабуюцца наступныя рашэньні і ратыфікацыя дамовы аб уступленьні.