Фэдэральны ўрад ЗША ўхваліў апэляцыю Тэхасу і адкрыў доступ да індывідуальнай дапамогі FEMA для жыхароў 20 акругаў, пацярпелых ад ліпеньскіх штормаў і паводак. Пра рашэньне 30 кастрычніка паведаміў губэрнатар Грэг Эбат.
Дапамога прызначаная для жыхароў акругаў Bandera, Bexar, Comal, Crockett, Dimmit, Frio, Gillespie, Kendall, Kerr, Kimble, Kinney, La Salle, Maverick, Medina, Real, Schleicher, Sutton, Uvalde, Val Verde і Zavala.
Пры выкананьні ўмоваў праграмы FEMA можа выдзеліць сродкі на часовае жыльлё, тэрміновы рамонт пашкоджанага дому, страты асабістай маёмасьці, не пакрытыя страхоўкай, а таксама асобныя мэдычныя, стаматалягічныя і іншыя выдаткі, выкліканыя катастрофай.
Пацярпелыя могуць падаць заяўку праз афіцыйны сайт дапамогі пры катастрофах або патэлефанаваць на нумар 800-621-3362. Рашэньне аб выплаце і яе памеры залежыць ад адпаведнасьці патрабаваньням праграмы і дакумэнтальна пацьверджаных стратаў.
Раней «Варта» паведамляла, што Тэхас абскардзіў адмову FEMA фінансаваць індывідуальную дапамогу ў гэтых акругах. Цяпер апэляцыя задаволеная, і пацярпелыя атрымалі магчымасьць зьвярнуцца па дапамогу. Асобнае хадайніцтва штату аб фінансаваньні праектаў зьмяншэньня рызыкі будучых катастрофаў яшчэ разглядаецца.