28 кастрычніка арганізацыя Distributed Denial of Secrets апублікавала масіў зьвестак пра больш як 41 тысячу супрацоўнікаў і падрадчыкаў Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША (DHS). Сярод іх ёсьць работнікі іміграцыйнай службы ICE, памежнай службы CBP і іншых падразьдзяленьняў ведамства.
У матэрыялах, якія атрымалі назву Icepick, утрымліваюцца імёны, службовыя электронныя адрасы, тэлефонныя нумары, пасады і месцы працы. Частка запісаў дазваляе вызначыць арганізацыйныя сувязі паміж супрацоўнікамі, а таксама зьмяшчае згадкі пра апэрацыі пад прыкрыцьцём і сыстэмы назіраньня.
Паводле WIRED, апублікаваныя файлы ахопліваюць DHS і сем ягоных падразьдзяленьняў. Выданьне вывучыла масіў і выявіла ў ім зьвесткі пра супрацоўнікаў ICE, CBP, Службы грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS) ды іншых структураў. The Washington Post таксама вывучыла базу і паведаміла, што праверыла сапраўднасьць часткі зьвестак з дапамогай цяперашніх і былых службоўцаў.
Група, якая называе сябе Department of Peace, сьцьвярджае, што атрымала інфармацыю праз сыстэму адзінага ўваходу ў службовыя ўліковыя запісы. Гэты спосаб атрыманьня зьвестак незалежна не пацьверджаны. Кампанія Okta заявіла WIRED, што ня мае доказаў узлому сваіх сыстэмаў або кампрамэтацыі ўласных дадзеных.
Прадстаўнік DHS паведаміў WIRED, што ведамства ведае пра магчымую ўцечку, працуе над высьвятленьнем абставінаў і прымае захады для абароны супрацоўнікаў. Выданьне адзначае, што раскрытыя зьвесткі могуць мець значэньне для бясьпекі людзей, якія працуюць пад прыкрыцьцём, і для дзейных расьсьледаваньняў.