У Вашынгтоне позна ўвечары 18 кастрычніка быў паранены вайсковец Нацыянальнай гвардыі, які разам з калегамі спрабаваў спыніць вулічную бойку. Падчас страляніны раненьне атрымаў таксама падазраваны. Паводле паліцыі, траўмы абодвух не пагражаюць жыцьцю.
Здарэньне адбылося каля 23:10 у раёне Ўсходняга рынку (Eastern Market), на 8-й вуліцы паўднёва-ўсходняй часткі сталіцы. Пра абставіны здарэньня 19 кастрычніка паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка сталічнай паліцыі Джэфэры Кэрал.
Паводле выкладзенай паліцыяй вэрсіі, сем ці восем вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі знаходзіліся ў прыпаркаваным аўтамабілі і заўважылі канфлікт на тратуары. Калі пачалася бойка, яны выйшлі з машыны, каб умяшацца.
Адзін з удзельнікаў канфлікту дастаў пісталет і пачаў страляць. Паліцыя сьцьвярджае, што пасьля патрабаваньня пакласьці зброю ён накіраваў яе ў бок вайскоўцаў. Трое гвардзейцаў адкрылі агонь.
Вайсковец атрымаў раненьне нагі, падазраваны быў паранены ў жывот. Абодвух даставілі ў шпіталь. Паліцыя паведаміла пра затрыманьне падазраванага. Абставіны прымяненьня зброі расьсьледуюцца.
Нацыянальная гвардыя знаходзіцца ў Вашынгтоне ў межах апэрацыі, распачатай адміністрацыяй Дональда Трампа ў жніўні 2025 году для барацьбы са злачыннасьцю. Разьмяшчэньне вайскоўцаў выклікала спрэчкі паміж фэдэральнымі ўладамі і мясцовымі чыноўнікамі наконт паўнамоцтваў і неабходнасьці такой прысутнасьці.