Абарончая кампанія Anduril абвясьціла пра $3,7 млрд прыватных інвэстыцыяў у новы вытворчы комплекс Arsenal-2 у Спэраўз-Пойнт, штат Мэрылэнд. ВМС ЗША адначасова далі кампаніі кантракт на суму да $2,9 млрд на выпуск вузлоў і буйных зборных канструкцыяў для атамных ударных падлодак тыпу «Virginia». Разам прыватныя інвэстыцыі і максымальны аб’ём кантракту складаюць да $6,6 млрд.
Reuters паведамляе, што выплаты па кантракце будуць прывязаныя да вынікаў вытворчасьці, а значную частку рызыкі выкананьня праекту бярэ на сябе Anduril. Паводле ўладаў Мэрылэнду, кампанія плянуе стварыць больш за 3 100 пастаянных працоўных месцаў, а ўвесь праект можа падтрымліваць больш за 14 000 працоўных месцаў.
Комплекс павінен пашырыць вытворчую базу амэрыканскага падводнага флёту ў момант, калі ВМС спрабуюць павялічыць тэмпы будаўніцтва падлодак. Пляцоўка ў Спэраўз-Пойнт раней належала Bethlehem Steel.