Урад Літвы 30 верасьня падтрымаў папраўкі, якія прапануюць абмежаваць у краіне публічную дзейнасьць асобаў і арганізацыяў з Расеі і Беларусі, калі яны падтрымліваюць расейскую вайну супраць Украіны, удзельнічалі ў ёй або падтрымліваюць грубыя парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў у Беларусі ці Расеі.
Паводле LRT/BNS, зьмены датычацца публічнай дзейнасьці ў адукацыі, навуцы, культуры, спорце, мастацтве і забавах. Праект таксама прадугледжвае, што тыя, хто прыяжджае ў Літву для такой дзейнасьці, павінны будуць падпісаць публічную дэклярацыю з асуджэньнем расейскай агрэсіі супраць Украіны і падтрымкай яе тэрытарыяльнай цэласнасьці.
Гэта пакуль не канчатковы закон. Папраўкі яшчэ павінен разгледзець Сейм Літвы. Калі іх ухваляць у прапанаваным выглядзе, яны маюць пачаць дзейнічаць 1 студзеня 2027 году.