Паводле санітарнай службы Гомельскай вобласьці, у жніўні праверылі 116 пробаў харчовай прадукцыі з прыватнага сэктару. У 14 пробах, або 12,1%, утрыманьне цэзію-137 перавышала дапушчальны ўзровень. Парушэньні выявілі ў Брагінскім, Кармянскім, Нараўлянскім і Сьветлагорскім раёнах.
Найвышэйшы паказьнік у дзікарослых ягадах склаў 8190 Бк/кг пры нарматыве 160 Бк/кг, гэта больш як у 51 раз вышэй за дапушчальны ўзровень. У сьвежых грыбах і прадуктах іх перапрацоўкі фіксавалі ад 620 да 1826 Бк/кг пры нарматыве 500 Бк/кг. У адной пробе сушаных грыбоў было 5426 Бк/кг пры нарматыве 2500 Бк/кг.
У дзяржаўным сэктары перавышэньняў у правераных пробах прадуктаў і вады не зафіксавалі. Жыхары вобласьці могуць бясплатна здаваць на радыяцыйны кантроль прадукцыю з асабістых гаспадарак, дзікарослыя грыбы і ягады, мяса дзікіх жывёлаў і рыбу мясцовага ўлову ў тэрытарыяльныя цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі.