Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праверкі баявой гатоўнасьці будуць працягнутыя ва ўсёй беларускай арміі і могуць дайсьці «аж да мабілізацыі». Ён сказаў гэта 11 верасьня на палігоне «Абуз-Лясноўскі» ў Берасьцейскай вобласьці.
Паводле Лукашэнкі, раней праверкі прайшлі ў танкавых і мотастралковых падразьдзяленьнях, а цяпер правяраюць артылерыйскую брыгаду. Ён заявіў, што ўсе Ўзброеныя сілы павінны прайсьці такую праверку ў рэжыме, максымальна набліжаным да баявога, і спаслаўся на досьвед вайны Расеі супраць Украіны.
Гаворка ішла пра праверку мабілізацыйнай гатоўнасьці, а не пра абвяшчэньне ўсеагульнай мабілізацыі. Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь не зьбіраецца нападаць на суседнія дзяржавы. Institute for the Study of War асобна адзначае, што з 2022 году Лукашэнка стрымліваў спробы Масквы шырэй задзейнічаць беларускія Ўзброеныя сілы ў вайне супраць Украіны.