Ізраільскі стартап Decart AI, заснаваны ў 2023 годзе, апынуўся ў цэнтры барацьбы вялікіх гульцоў за наступны слой інфраструктуры ШІ. Паводле Bloomberg і Axios, Anthropic вядзе прасунутыя перамовы пра куплю кампаніі прыкладна за $6 млрд. У траўні Decart ацэньвалі амаль у $4 млрд.
Галоўная каштоўнасьць Decart ня ў чарговым чат-боце. Яе Decart Optimization Stack (DOS) працуе паміж мадэльлю і жалезам і мае дапамагаць запускаць навучаньне ды inference хутчэй, таньней і з большай загрузкай працэсараў. Сыстэма працуе з Nvidia GPU, AWS Trainium і Google TPU. Сам Decart заяўляе пра значны выйгрыш у эфэктыўнасьці; AWS публікуе ўласныя вынікі, паводле якіх на Trainium відэамадэлі Decart атрымалі да 4× большы throughput і прыкладна ўдвая лепшую эканоміку супраць вядучых GPU ў іхным тэставаньні.
Гэта важна, бо новая гонка ШІ ўсё мацней залежыць ня толькі ад таго, хто мае лепшую мадэль, але і ад таго, хто таньней прымусіць яе думаць. Калі адзін і той жа workload можна эфэктыўна запускаць на розных тыпах чыпаў, распрацоўнік менш прывязаны да аднаго пастаўшчыка і можа выбіраць паміж Nvidia, Amazon і Google.
Другі кірунак Decart — world models. Oasis 3 генэруе ў рэальным часе кіраваныя асяродзьдзі для робатаў і аўтаномнага транспарту, а Lucy працуе з live-відэа. Ідэя ўжо не ў тым, каб ШІ толькі апісваў сьвет словамі, а каб ён мог мадэляваць, што адбудзецца ў наступную сэкунду пасьля дзеяньня робата, машыны або чалавека.
Менавіта таму вакол Decart узьнікла інфармацыйная «бітва пакупнікоў». Ізраільскае Calcalist раней паведамляла пра магчымыя перамовы са SpaceX, але Ілан Маск назваў гэта «fake news». Цяпер ужо некалькі крыніцаў паведамляюць пра Anthropic. Зьдзелка пакуль не закрытая і яшчэ можа не адбыцца.
Але сам маштаб цікавасьці паказальны. Наступная фаза AI-гонкі можа вырашацца ня толькі паміж Claude, ChatGPT ці Grok. Яна можа вырашацца ніжэй — на ўзроўні таго, колькі каштуе адна думка мадэлі і наколькі хутка ШІ здольны рэагаваць на рэальны сьвет.