Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
У Швэцыі папярэдні падлік дае апазыцыйнаму блёку перавагу ў адзін мандат 13 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

АМЭРЫКА БЕЗ ПЕРАКЛАДУ

RSVP: маўчаньне не азначае «не»

RSVP у амэрыканскім запрашэньні звычайна патрабуе адказу незалежна ад таго, прыйдзеш ты ці не. Выключэньне — «regrets only»: тады маўчаньне азначае, што гаспадар чакае цябе.

Графіка «Варты»

На запрашэньні стаіць «RSVP by Friday». Ты ня пойдзеш, таму нічога не адказваеш. Здавалася б, усё ясна. Але для гаспадара вечарыны тваё маўчаньне азначае не «не», а «я яшчэ ня ведаю, ці ты прыйдзеш».

RSVP — гэта скарот ад францускага répondez s’il vous plaît, літаральна «калі ласка, адкажыце». Merriam-Webster вызначае RSVP проста як просьбу адказаць на запрашэньне. У амэрыканскім этыкеце гэта звычайна азначае: трэба паведаміць і yes, і no.

Навошта такая фармальнасьць у цалкам нефармальнай культуры? Бо гаспадар лічыць людзей: столікі, ежу, напоі, квіткі, месцы. Emily Post асобна падкрэсьлівае, што адсутнасьць адказу пакідае гаспадара ў няведаньні і што адказаць трэба нават тады, калі прыйсьці ня можаш.

Выключэньне — regrets only. Калі на запрашэньні напісана regrets only, лёгіка пераварочваецца: адказваць трэба толькі калі ты не прыйдзеш. Калі маўчыш, гаспадар разьлічвае на тваю прысутнасьць.

Ёсьць яшчэ «maybe». Для нефармальнага онлайн-запрашэньня гэта нармальны часовы адказ, але не фінальны. Калі арганізатар просіць адказ да пятніцы, да пятніцы «maybe» варта ператварыць у yes або no.

Практычнае правіла простае: убачыў RSVP — не прымушай чалавека варажыць па цішыні. Адкажы тым спосабам, які прапануе запрашэньне, і пажадана да пазначанай даты. А калі пляны зьмяніліся пасьля «yes», паведамі гаспадару як мага хутчэй.

RSVP — адкажыце, ці будзеце.
RSVP by Friday — адкажыце не пазьней за пятніцу.
Regrets only — паведамляйце толькі пра адмову.
Plus-one — запрашэньне дазваляе прывесьці аднаго госьця.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі