Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
Зьнішчальнікі NATO зьбілі дрон над Літвой пасьля меркаванага ўлёту з боку Беларусі 1 гадзіна таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

АД РЭДАКЦЫІ

«Наша Ніва» напісала пра «Варту». Дзякуй за рэкляму

Рэдакцыя «Варты» дзякуе «Нашай Ніве» за ўвагу да запуску і тлумачыць, што беларускім мэдыям варта канкураваць якасьцю і даверам, а не назвамі.

Графіка «Варты»

«Наша Ніва» зьвярнула ўвагу на запуск нашага новага мэдыя і прысьвяціла асобную публікацыю гісторыі ягонай назвы:

«Не будзем звяртаць увагу на лімітрофаў». Юрась Зянковіч запусьціў уласнае мэдыя

Дзякуем калегам за згадку. Для мэдыя, якое толькі пачынае працу, гэта азначае самае важнае: нас заўважылі, пра нас даведаліся новыя людзі, а нехта пасьля гэтага тэксту ўпершыню адкрые «Варту».

Так, падобную назву ўжо выкарыстоўвае іншы беларускі праект. Мы пра яго ня ведалі. Цяпер ведаем. Катастрофы, аднак, не адбылося.

У беларусаў няма праблемы праз тое, што беларускіх мэдыяў занадта шмат. Праблема роўна супрацьлеглая: незалежных беларускіх галасоў становіцца меней, рэдакцыі закрываюцца, аўдыторыі расьцярушваюцца па розных краінах, а Беларусь усё часьцей спрабуюць выціснуць з інфармацыйнага парадку дня.

Таму месца хопіць усім.

Мы не зьбіраемся ваяваць за выключнае права на слова «Варта». Няхай існуюць розныя праекты, розныя рэдакцыйныя погляды і розныя аўдыторыі. Канкураваць варта не назвамі, а якасьцю, хуткасьцю, дакладнасьцю і даверам чытачоў.

«Варта» стваралася для беларусаў у ЗША і для ўсіх, каму патрэбны зразумелы погляд на падзеі ў Амэрыцы, Беларусі і сьвеце. Кожную раніцу мы зьбіраем галоўнае, аддзяляем важнае ад шуму і тлумачым, як навіны могуць паўплываць на жыцьцё беларусаў па гэты бок Атлянтыкі. Мы будзем пісаць навіны, агляды, аналітыку і аўтарскія калёнкі. І будзем расьці.

Калі галоўная праблема новага беларускага мэдыя ў тым, што ў яго падобная назва, то гэта вельмі добрая навіна. Значыць, да зьместу пакуль прэтэнзіяў няма.

Урэшце, мэдыя вызначаецца не назвай і не дамэнам. Яно вызначаецца тым, ці адкрываюць яго людзі раніцай, ці давяраюць напісанаму і ці вяртаюцца заўтра.

Таму спрачацца пра назву мы ня будзем.

Будзем рабіць так, каб «Варту» сапраўды было варта чытаць.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі