Фонд салідарнасьці BYSOL адкрыў збор 4500 эўра для падтрымкі сям’і Канстанціна Залатых, былога палітвязьня і кіраўніка незалежнай газэты «Беларусы і рынак». Пасьля вызваленьня і пераезду ў Польшчу ў яго выявілі рак ныркі.
Паводле апісаньня збору, Канстанцін праходзіць мэдычныя абсьледаваньні, пасьля якіх лекары вызначаць далейшае лячэньне. Мэдычную дапамогу ў Польшчы ён атрымлівае бясплатна. Грошы патрэбныя на забесьпячэньне сям’і ў пэрыяд, калі праз хваробу і шпіталізацыі ён ня можа паўнавартасна працаваць.
Фонд апублікаваў наступны плян выдаткаў: 3000 эўра на арэнду жыльля і камунальныя паслугі на тры месяцы, 900 эўра на паездкі ў Вроцлаў для абсьледаваньняў і мэдычных працэдураў, яшчэ 600 эўра на прадукты і штодзённыя патрэбы.
Залатых затрымалі ў траўні 2022 году і асудзілі на чатыры гады пазбаўленьня волі. Ён адбыў тэрмін і выйшаў на свабоду ў кастрычніку 2025 году.
Дапамагчы можна праз афіцыйную старонку збору BYSOL. Там паказаныя бягучая сабраная сума і спосабы ахвяраваньня. На момант рэдакцыйнай праверкі мэта збору яшчэ не была дасягнутая.