Міністар абароны Літвы Робэртас Каўнас паведаміў, што ў абломках дрона, зьбітага ўначы зьнішчальнікамі NATO, знайшлі выбуховы зарад. Паводле Каўнаса, сапёры яго абясшкодзілі, а спэцыялісты працягваюць дасьледаваць апарат.
Паводле літоўскіх уладаў, дрон увайшоў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі і быў зьбіты італьянскімі зьнішчальнікамі NATO каля вёскі Праткунай у Кайшадорскім раёне. Associated Press паведамляе са спасылкай на літоўскіх вайсковых чыноўнікаў, што гэта быў першы выпадак зьбіцьця дрона ў паветранай прасторы Літвы.
Паходжаньне і прызначэньне апарата пакуль не ўстаноўленыя. Літоўскія ўлады не пацьвердзілі, што дрон быў расейскі або што яго наўмысна накіравалі на Літву.
Мы ўжо пісалі пра начное зьбіцьцё дрона над Літвой.