Першы афіцыйны наглядны даклад ЗША пра апэрацыю супраць Ірану прызнаў, што вайна прывяла да стратэгічнага дэфіцыту часткі перадавых боепрыпасаў і выявіла вузкія месцы ў іхнай вытворчасьці і папаўненьні запасаў.
Паводле справаздачы Офісу генэральнага інспэктара Міністэрства вайны ЗША, якая ахоплівае пэрыяд да 30 чэрвеня, амэрыканскія сілы выдаткавалі на боепрыпасы больш за $22 млрд, а агульны кошт апэрацыі за першыя чатыры месяцы ацэньваўся прыкладна ў $33,4 млрд. Іранскія ўдары пашкодзілі або зьнішчылі сотні будынкаў і іншых аб’ектаў на амэрыканскіх базах у рэгіёне.
У справаздачы таксама зафіксаваныя значныя страты авіяцыі і беспілётнікаў. Паводле AP, былі зьнішчаныя або пашкоджаныя да 30 беспілётнікаў MQ-9 Reaper і сем самалётаў-запраўшчыкаў KC-135. Фізычная шкода дыпляматычным аб’ектам ЗША ў Іраку, Кувэйце, Саудаўскай Арабіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ацэненая прыкладна ў $184 млн.
Даклад не азначае, што амэрыканскія ўзброеныя сілы засталіся без неабходных боепрыпасаў. Ён фіксуе дэфіцыт у асобных стратэгічных запасах і праблемы з хуткасьцю іх папаўненьня. Адміністрацыя Трампа заяўляе, што вытворчасьць узбраеньняў павялічваецца.