Кітайскія ўлады заявілі, што наклалі на Trip.com Group штрафы і канфіскацыі амаль на 5,2 мільярда юаняў, або каля 765 мільёнаў даляраў, за злоўжываньне дамінантным становішчам на рынку анлайн-падарожжаў. Пра гэта паведаміла Associated Press са спасылкай на рашэньне Дзяржаўнага ўпраўленьня па рэгуляваньні рынку Кітаю.
Паводле AP, рэгулятар абвінаваціў кампанію ў эксклюзіўных дамовах з часткай гатэляў, у пераразьмеркаваньні трафіку на сваю карысьць і ў ціску на гатэлі, каб на платформе Trip.com былі найніжэйшыя онлайн-цэны. Частку «незаконных даходаў» улады канфіскавалі, а яшчэ частку сродкаў загадалі вярнуць гатэльным партнэрам.
Гэта адна з найбуйнейшых антыманапольных санкцыяў супраць буйной тэхналягічнай платформы ў Кітаі за апошні час. Кампанія заявіла, што прымае рашэньне і будзе выконваць прадпісаныя выпраўленьні.