Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
ААН паведаміла пра сама меней 35 загінулых ад расейскіх удараў па гуманітарным пункце ва Ўкраіне 1 гадзіна таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

КАМЭНТАР ЮРАСЯ ЗЯНКОВІЧА

Расізм не становіцца дабром, калі яго называюць diversity

Аўтарскі камэнтар Юрася Зянковіча пра DEI і «левы расізм» на прыкладзе гісторыі Джэйсана Ардэя; тэкст аддзяляе ідэалягічную крытыку ад непацьверджанай прычыны сьмерці.

Графіка «Варты»

Гісторыя Джэйсана Ардэя агідная ня толькі пытаньнямі да плягіяту і акадэмічнай біяграфіі. Яна паказвае пастку, у якую заходнія інстытуцыі самі сябе загналі пад сьцягамі DEI, «інклюзіўнасьці» і вокізму.

Клясычны расізм казаў: колер тваёй скуры можа быць падставай ставіцца да цябе горш. Левы расізм кажа: колер тваёй скуры можа быць падставай ставіцца да цябе лепш.

Знак зьмяніўся. Прынцып той самы: чалавека перастаюць ацэньваць як чалавека і пачынаюць ацэньваць як прадстаўніка расавай катэгорыі.

Гэта і ёсьць маральнае банкруцтва DEI там, дзе роўнасьць магчымасьцяў падмяняюць расавай арытмэтыкай, прэфэрэнцыямі і рознымі стандартамі для розных групаў.

Кембрыдж сам зрабіў з Ардэя сымбаль: не проста прафэсар, а «самы малады чарнаскуры прафэсар», прадстаўленасьць, diversity, прыклад для меншасьцяў. Цяпер сам Кембрыдж правярае, як ён атрымаў пасаду.

І вось галоўнае пытаньне: калі інстытуцыя спачатку знаходзіць сабе ідэалягічна прыгожы сымбаль, ці здольная яна потым правяраць яго гэтак жа жорстка, як звычайнага кандыдата без DEI-арэолу?

Калі не, гэта не барацьба з расізмам. Гэта расізм зь перагорнутым знакам.

Вокізм навучыў цэлае пакаленьне бюракратаў небясьпечнай думцы: дыскрымінацыя нібыта можа быць «добрай», калі адбываецца ў правільным кірунку; мерытакратыя падазроная, а розныя стандарты можна пераназваць справядлівасьцю.

Не. Нельга.

Расавая дыскрымінацыя застаецца расізмам незалежна ад таго, хто піша яе правілы: ку-клукс-кланаўскі расіст сто гадоў таму ці сучасны DEI-адміністратар з бездакорным LinkedIn.

Мне невядома, чаму памёр Джэйсан Ардэй. Паліцыя не называе сьмерць падазронай, а яе прычына не ўсталяваная. Таму я ня буду ператвараць чалавечую трагедыю ў лозунг «DEI яго забіла».

Але іншае бачна ўжо цяпер. Сыстэма, якая робіць з чалавека расавага талісмана раней, чым пераконваецца ў трываласьці ягоных заслугаў, шкодзіць усім. Яна прыніжае прадстаўнікоў меншасьцяў, якія дасягнулі ўсяго талентам і працай; разбурае давер да ўнівэрсытэтаў; прымушае падазраваць квоту там, дзе была сапраўдная заслуга.

Выхад просты і стары: адзін закон, адзін стандарт, адна мера заслугаў для ўсіх. Без расавай бухгальтэрыі, калектыўнай віны і калектыўных прывілеяў.

Справядлівасьць альбо ня мае колеру скуры, альбо гэта ўжо не справядлівасьць.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі