Армэнія можа падаць афіцыйную заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз у 2027 або 2028 годзе. Пра такую магчымасьць заявіў 3 лістапада прэм’ер-міністар краіны Нікол Пашыньян на саміце Euronews, прысьвечаным пашырэньню ЭЗ.
Пашыньян назваў абодва гады рэалістычнымі, але падкрэсьліў, што канчатковага рашэньня яшчэ няма. Паводле яго, Ерэван хоча ўзгадніць гэты крок як унутры краіны, гэтак і з эўрапейскімі партнэрамі.
У сакавіку 2025 году Армэнія прыняла закон аб пачатку працэсу эўрапейскай інтэграцыі. Аднак гэты закон сам па сабе не азначае падачы заяўкі на сяброўства.
Цяпер армянскія ўлады засяроджаныя на перамовах аб адмене візавага рэжыму з Эўразьвязам. Пашыньян назваў 2029 год мэтавым тэрмінам дасягненьня бязьвізавага рэжыму, але гэта пакуль плян, а не ўзгодненая дата.
Армэнія застаецца сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу разам з Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам і Кіргізстанам. Пашыньян прызнаў, што перад краінай паўстане пытаньне сумяшчальнасьці сяброўства ў гэтым аб’яднаньні з магчымым уступленьнем у ЭЗ.
Армянскі прэм’ер таксама заявіў пра намер дывэрсыфікаваць эканамічныя і палітычныя сувязі краіны. Афіцыйная заяўка на сяброўства ў Эўразьвязе на гэты момант не пададзеная.