У ноч на 1 лістапада Ніжагародзкая вобласьць Расеі зазнала масаваную атаку бесьпілётнікаў. Губэрнатар рэгіёну Глеб Нікіцін паведаміў пра значныя пашкоджаньні прамысловага прадпрыемства ў Кстоўскім раёне. Паводле яго, расейскія сілы супрацьпаветранай абароны зьнішчылі больш за 100 дронаў.
Нікіцін не назваў пашкоджанае прадпрыемства. Украінскія СМІ і каналы, якія адсочваюць вайсковыя дзеяньні, паведамілі пра пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе «Лукойл» у Кстове. Незалежнага пацьверджаньня дакладнага маштабу пашкоджаньняў заводу пакуль няма.
Паводле папярэдніх зьвестак губэрнатара, загінулых і пацярпелых няма. Расейскія ўлады паведамілі пра працу аварыйных службаў на месцы атакі.
У той жа час Расея працягнула ўдары па ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі паведаміў пра пашкоджаньні ў Днепрапятроўскай, Віньніцкай, Жытомірскай і Хмяльніцкай абласьцях. Паводле яго, сотні тысяч сем’яў засталіся без электрычнасьці, рамонтныя брыгады працуюць над аднаўленьнем забесьпячэньня.
Атака на Кстова адбылася на фоне працяглых узаемных удараў па аб’ектах энэргетыкі і прамысловасьці. Паведамленьні бакоў пра колькасьць зьнішчаных дронаў і поўныя вынікі ўдараў незалежна не пацьверджаныя.