Дакумэнтальны фільм «Лісты» беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы 31 кастрычніка атрымаў дзьве ўзнагароды на 69-м міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага і анімацыйнага кіно DOK Leipzig у Нямеччыне. Стужка перамагла ў міжнародным конкурсе поўнамэтражных дакумэнтальных фільмаў і атрымала партнэрскую прэмію MDR.
Міжнародная назва карціны — «Letters from the Silenced Country» («Лісты з краіны, якую прымусілі маўчаць»). Фільм апавядае пра людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Галоўная ўзнагарода міжнароднага конкурсу поўнамэтражнага дакумэнтальнага кіно, «Залаты голуб», суправаджаецца грашовай прэміяй у 10 тысяч эўра. Яе фінансуе нямецкая грамадзкая тэлерадыёкампанія Mitteldeutscher Rundfunk (MDR).
Асобная прэмія MDR прызначаная для выдатнага ўсходнеэўрапейскага дакумэнтальнага кіно. Яна складае 3000 эўра. Абедзьве ўзнагароды Куцілы пацьверджаныя афіцыйнымі паведамленьнямі DOK Leipzig ад 31 кастрычніка.
У верасьні «Лісты» таксама атрымалі ўзнагароду за ўплыў у дакумэнтальным кіно ў межах Вэнэцыянскага кінафэстывалю, паведамляў «Позірк».
Андрэй Куціла нарадзіўся ў Баранавічах, скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Ён зьяўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі.