Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША 30 кастрычніка ўхваліў магчымы продаж Украіне 500 ракет-перахопнікаў Patriot PAC-3 MSE і спадарожнага абсталяваньня. Ацэначны кошт пакета складае $2,1 мільярда. Пра рашэньне паведамілі Reuters і Associated Press са спасылкай на амэрыканскія ўлады.
Закупку маюць прафінансаваць партнэры Ўкраіны і сродкі, забясьпечаныя крэдытнай падтрымкай Эўразьвязу. Канада, Нямеччына і Нарвэгія зробяць унёскі праз амэрыканскую праграму JUMPSTART. Частка фінансаваньня паступіць з украінскіх сродкаў у межах крэдытнай праграмы Эўразьвязу Ukraine Support Loan. Паводле Дзярждэпартамэнту, сродкі з бюджэту ЗША для гэтай закупкі не прадугледжаныя.
Асноўным падрадчыкам названа кампанія Lockheed Martin. Пакет таксама ўключае запасныя часткі і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку.
Ухваленьне яшчэ не азначае пастаўкі ракет. Гаворка ідзе пра дазвол на магчымы продаж, які падлягае разгляду Кангрэсам ЗША. Канчатковая дамова і графік перадачы ракет пакуль не абвешчаныя.
Рашэньне прынялі пасьля публічных заяваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага пра затрымку амэрыканскага ўзгадненьня паставак ракет для супрацьпаветранай абароны. Украіна выкарыстоўвае Patriot для перахопу расейскіх ракет, у тым ліку падчас удараў па гарадах і энэргетычнай інфраструктуры.