У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга колькасьць пацьверджаных выпадкаў Эболы дасягнула 10 060. Паводле Міністэрства аховы здароўя краіны, амаль палова інфікаваных памерла. Гэтыя зьвесткі 27 кастрычніка прывяло агенцтва Associated Press.
Эпідэмія пачалася ў траўні 2026 году. Яе выклікае вірус Бундыбугіё, супраць якога пакуль няма ўхваленай вакцыны або спэцыфічнага лячэньня.
Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, на 20 кастрычніка ў Конга былі зарэгістраваныя 9704 пацьверджаныя выпадкі і 4687 сьмерцяў. Гэта адпавядае сьмяротнасьці 48,3% сярод зарэгістраваных выпадкаў. Хвароба закранула 66 мэдычных зонаў у васьмі правінцыях краіны. Новыя дадзеныя кангалескіх уладаў паказваюць далейшы рост колькасьці заражэньняў.
За межамі Конга выпадкі фіксаваліся ў Кеніі, Нігерыі, Угандзе і Францыі. Паводле САЗ, у Кеніі і Нігерыі былі выяўленыя завезеныя выпадкі, а ў Францыі і Ўгандзе на момант апошняга паведамленьня актыўных выпадкаў не заставалася.
Барацьбу з эпідэміяй ускладняюць узброеныя канфлікты, недахоп мэдычных рэсурсаў і напады на работнікаў аховы здароўя. Паводле Associated Press, значная частка новых выпадкаў выяўляецца па-за колам людзей, за якімі ўжо назіралі мэдыкі.
САЗ ацэньвае рызыку для суседніх з Конга дзяржаваў як высокую. Для астатніх рэгіёнаў Афрыкі і сьвету ў ацэнцы, прыведзенай у бюлетэні ад 23 кастрычніка, рызыка была нізкай.