21 кастрычніка Сьледчы камітэт Беларусі распачаў спэцыяльную вытворчасьць супраць дзевяці чалавек, зьвязаных са справай дваровых Telegram-чатаў. Такая працэдура дазваляе весьці крымінальны перасьлед у адсутнасьць абвінавачаных.
Паводле апублікаванага пераліку, у справе фігуруюць Іван Амяльян, Станіслаў Ботвін, Вольга Няхайчык, Натальля Гужава, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Ірына Трафімік, Ігар Ліхач і Андрэй Пупкевіч.
Усім дзевяці інкрымінуюць змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады паводле часткі 1 артыкула 357 Крымінальнага кодэксу і ўдзел у фармаваньні, якое беларускія ўлады называюць экстрэмісцкім, паводле часткі 3 артыкула 361-1.
Шасьцёра фігурантаў яшчэ ў лістападзе 2024 году былі ўключаныя ў дзяржаўны пералік удзельнікаў так званага экстрэмісцкага фармаваньня «Ордэн». Паводле КДБ, да яго аднесеныя некалькі дваровых супольнасьцяў, у тым ліку «Злыя Коцікі», «Сухарава», «Сеніца 2.0», «Салідарнасьць» і іншыя групы.
Трое астатніх фігурантаў раней не згадваліся ў адкрытых паведамленьнях у сувязі з «Ордэнам», піша «Наша Ніва».
Дваровыя чаты і супольнасьці атрымалі шырокае распаўсюджаньне падчас беларускіх пратэстаў 2020 году. Новая спэцыяльная вытворчасьць азначае асобны працэсуальны этап перасьледу названых людзей, а не вынясеньне ім прысуду.