Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
У Алешках завяршылася лякальнае замірэньне паміж Украінай і Расеяй 11 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

АМЭРЫКА БЕЗ ПЕРАКЛАДУ

Check hold: чаму банк прыняў чэк, але грошы яшчэ недаступныя

Банк прыняў чэк, але сродкі яшчэ нельга патраціць. Тлумачым check hold, розьніцу паміж current balance і available balance, тэрміны Regulation CC і што пытацца ў банку.

Графіка «Варты»

Вы ўнесьлі чэк у банк. Дадатак паказвае, што дэпазыт прыняты, сума ўжо зьявілася на рахунку. Але калі спрабуеце заплаціць за пакупку, грошай нібыта няма. Гэта памылка?

Не абавязкова. У амэрыканскіх банках ёсьць паняцьце check hold, або часовае ўтрыманьне сродкаў з чэка. Банк прыняў дакумэнт, але пакуль не дазваляе карыстацца ўсёй сумай.

Таму варта адрозьніваць дзьве лічбы. Current balance паказвае ўлічаныя на рахунку грошы. Available balance — суму, якой можна распараджацца цяпер. Пасьля дэпазыту чэка другая лічба можа быць меншай за першую.

Чаму банк чакае? Чэк яшчэ трэба аплаціць праз банкаўскую сыстэму. Калі на рахунку чалавека, які яго выпісаў, не хапае грошай, чэк могуць вярнуць неаплачаным.

Тэрміны ўтрыманьня рэгулюе фэдэральнае правіла Regulation CC. Для звычайнага папяровага чэка сродкі, як правіла, павінны стаць даступнымі не пазьней за другі працоўны дзень пасьля банкаўскага дня дэпазыту. Пры звычайных умовах першыя 275 даляраў павінны быць даступныя ўжо на наступны працоўны дзень. Банк можа адкрыць доступ і раней.

Але ёсьць выключэньні. Напрыклад, больш працяглая затрымка магчымая для новага рахунку, вялікага дэпазыту або пры абгрунтаваным сумневе, што чэк аплацяць. Калі банк выкарыстоўвае такое выключэньне, дзейнічаюць патрабаваньні да паведамленьня кліенту.

Яшчэ адзін тэрмін — cutoff time, час заканчэньня прыёму дэпазытаў за банкаўскі дзень. Чэк, унесены пасьля яго, банк можа лічыць атрыманым толькі наступным банкаўскім днём. А для mobile deposit, калі чэк фатаграфуюць у дадатку, могуць дзейнічаць асобныя правілы банку.

Калі грошы не зьявіліся ў available balance, праверце паведамленьне пра hold і дату даступнасьці. Можна проста спытаць: «When will these funds be available?» — «Калі гэтымі сродкамі можна будзе карыстацца?»

І апошняя дэталь: нават калі банк ужо дазволіў патраціць грошы, гэта не гарантуе, што чэк канчаткова аплачаны. Калі ён вернецца неаплачаным, банк можа забраць адпаведную суму назад.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі