Міліцыя Беларусі паведаміла 17 кастрычніка пра спыненьне дзейнасьці буйной сеткі тэлефонных і інтэрнэт-махляроў. Паводле МУС, у схеме ўдзельнічалі больш за 80 чалавек, а праваахоўнікі нібыта прадухілілі страты грамадзян на суму звыш 10 мільёнаў беларускіх рублёў.
Расьсьледаваньне праводзілі супрацоўнікі ўпраўленьня па супрацьдзеяньні кіберзлачыннасьці Берасьцейскай вобласьці. Як сьцьвярджае міліцыя, злачынцы тэлефанавалі людзям, прадстаўляліся супрацоўнікамі паліклінік, энэргетычных арганізацыяў і праваахоўных органаў, выманьвалі асабістыя зьвесткі і коды пацьверджаньня.
Пры вывучэньні тэлефонных злучэньняў супрацоўнікі міліцыі выявілі абсталяваньне, якое дазваляла арганізоўваць масавыя званкі праз SIM-карткі. У розных гарадах Беларусі, паводле ведамства, працавалі 12 такіх комплексаў. Людзей для іх абслугоўваньня часам наймалі пад выглядам праверкі мабільных сетак і іншай дыстанцыйнай працы.
МУС заявіла, што ў сетку ўваходзілі кур’еры, пасярэднікі і людзі, якія абслугоўвалі абсталяваньне. Ведамства сьцьвярджае, што кіраўнік схемы знаходзіўся ў суседняй дзяржаве, не назваўшы яе. Канфіскаванае абсталяваньне ацэнена прыкладна ў 60 тысяч беларускіх рублёў.
Паводле міліцыі, ад махлярства ўдалося засьцерагчы больш за дзьве тысячы чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтых выніковых лічбаў няма. Пра колькасьць затрыманых, прад’яўленыя абвінавачаньні і далейшыя судовыя працэдуры ведамства ў паведамленьні падрабязна не расказала.