Аляксандар Лукашэнка 16 кастрычніка зноў заявіў, што ў кожным сельсавеце Беларусі павінен дзейнічаць атрад народнага апалчэньня. Падчас наведваньня Віцебскай вобласьці ён назваў сельсаветы асновай для стварэньня такіх узброеных фармаваньняў.
Паводле Лукашэнкі, атрады павінны мець аўтаматы, кулямёты і гранаты. Ён заявіў, што ўзбраеньне ўжо падрыхтаванае, і станоўча ацаніў выкарыстаньне бесьпілётнікаў падчас навучаньня апалчэнцаў.
Лукашэнка апісаў тры ўзроўні абароны: народнае апалчэньне, тэрытарыяльныя войскі і рэгулярную армію. Ён падкрэсьліў, што ўся структура падпарадкоўваецца яму як галоўнакамандуючаму.
Гаворка, аднак, не пра стварэньне апалчэньня з нуля. Пра неабходнасьць атрадаў пры сельсаветах Лукашэнка казаў яшчэ ў 2023 годзе. Тады ж быў прыняты закон «Аб народным апалчэньні», які вызначыў прававыя асновы ўдзелу грамадзянаў у такіх фармаваньнях.
Цяпер Лукашэнка патрабуе пашырыць іхную сетку. Колькі атрадаў ужо створана, колькі яшчэ плянуецца арганізаваць і ў якія тэрміны, з паведамленьняў пра цяперашнюю паездку не вынікае.