Сэнат ЗША 28 ліпеня 86 галасамі супраць 12 падтрымаў працэдуральны крок, які адкрывае шлях да разгляду вялікага пакету санкцыяў супраць Расеі і Ірану. Associated Press паведамляе, што гэта адбылося пасьля сустрэчы Ўладзіміра Зяленскага з сэнатарамі ў Капітоліі.
Паводле AP і тлумачэньняў камітэту ў замежных справах Сэнату, законапраект прадугледжвае санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, банкаў, энэргетычных праектаў і суднаў, якія дапамагаюць абыходзіць абмежаваньні, а таксама націск на краіны, што працягваюць купляць расейскую нафту і газ. У пакет таксама ўключаныя палажэньні, зьвязаныя з Іранам.
Гэта яшчэ не канчатковае прыняцьце закону. Наперадзе дэбаты, магчымыя папраўкі і наступныя галасаваньні. Частка дэмакратаў ужо заявіла, што хоча зьмяніць палажэньні пра тарыфныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, таму канчатковы тэкст яшчэ можа зьмяніцца.