Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
У Газе ізраільскі ўдар забіў двух супрацоўнікаў «Лекараў бязь межаў»: арганізацыя патрабуе расьсьледаваньня 1 гадзіна таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

СУСЬВЕТ

У Афганістане выбух каля школы забіў 10 чалавек, яшчэ 110 параненыя

28 лістапада ў афганскай правінцыі Кунар адбыўся выбух каля школы. Паводле абноўленых зьвестак МУС Афганістану, загінулі 10 чалавек, яшчэ 110 параненыя, пераважна дзеці. Папярэдне выбух зьвязваюць са складам матэрыялаў для горназдабыўных работаў. ЮНІСЭФ аказвае дапамогу пацярпелым.

Графіка «Варты»

У суботу, 28 лістапада, у афганскай правінцыі Кунар адбыўся выбух каля школы. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Афганістану, загінулі 10 чалавек, яшчэ 110 атрымалі раненьні. Большасьць пацярпелых — дзеці. Абноўленыя зьвесткі паведаміла агенцтва Associated Press.

Выбух адбыўся каля 10-й гадзіны раніцы паводле мясцовага часу ў раёне Андар-Сэр на ўскраіне Асадабада, адміністрацыйнага цэнтру правінцыі Кунар. Частка школьнага будынка абвалілася. Пад заваламі апынуліся вучні і настаўнікі.

Мясцовыя жыхары дапамагалі ратавальнікам выцягваць людзей з разбураных памяшканьняў. На кадрах зь месца здарэньня бачныя пашкоджаныя клясы, школьныя партфэлі, падручнікі і абломкі будаўнічых канструкцыяў. Параненых дзяцей даставілі ў шпіталь Асадабада.

Паводле кіраўніка правінцыйнага ўпраўленьня культуры і інфармацыі Самі уль-Хака Баяна, папярэднія зьвесткі сьведчаць, што выбух адбыўся на суседнім складзе, дзе захоўваліся выбуховыя матэрыялы горназдабыўных кампаніяў. Ён назваў магчымай прычынай неасьцярожнае абыходжаньне з выбухоўкай. Расьсьледаваньне працягваецца.

Першапачаткова Reuters паведамляла пра сем загінулых вучняў і да 99 параненых. Пазьней прадстаўнік афганскага МУС Абдул Мацін Кані паведаміў Associated Press пра павелічэньне колькасьці ахвяраў да 10 загінулых і 110 параненых.

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ) 28 лістапада апублікаваў асобную заяву пра трагедыю. Арганізацыя паведаміла, што яе супрацоўнікі і партнэры аказваюць тэрміновую мэдычную дапамогу пацярпелым і высьвятляюць патрэбы дзяцей і іхных сем’яў.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі