Перайсьці да зьместу
ВАРТА ЧЫТАЦЬ ЦЯПЕР
Вярхоўны суд ЗША адмовіў Мін’юсту ў патрабаваньні аддзяліць 20 тысяч бюлетэняў у Каліфорніі 8 гадзін таму
BE

Твая праўда. Твая супольнасьць. Твая сіла.

БЯСЬПЕКА ЭЎРОПЫ

Невядомы бесьпілётнік праляцеў праз Латвію зь Беларусі ў Расею

1 лістапада невядомы бесьпілётнік перасёк паветраную прастору Латвіі з боку Беларусі і вылецеў у Расею. Латвійскія вайскоўцы абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі і выкарысталі перахопнік, які пазьней самаліквідавалі. Прыналежнасьць апарата не ўстаноўленая.

Графіка «Варты»

Увечары 1 лістапада невядомы бесьпілётнік увайшоў у паветраную прастору Латвіі з тэрыторыі Беларусі, а празь некалькі хвілінаў перасёк мяжу з Расеяй. Пра інцыдэнт паведамілі Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі.

Паводле латвійскага грамадзкага мэдыя LSM, вайскоўцы зафіксавалі перасячэньне беларуска-латвійскай мяжы каля 19:00 паводле мясцовага часу. Аб’ект увайшоў у Краслаўскі край і заставаўся пад назіраньнем вайскоўцаў. А 19:16 ён пакінуў паветраную прастору Латвіі празь мяжу з Расеяй у раёне Лудзы.

У Краслаўскім і Лудзенскім краях улады абвясьцілі аранжавы ўзровень паветранай небясьпекі. Жыхарам накіравалі тэрміновыя паведамленьні з рэкамэндацыяй заставацца ў памяшканьнях і хавацца за дзьвюма сьценамі. Папярэджаньне дзейнічала з 18:59 да 19:30.

Латвійскія сілы супрацьпаветранай абароны выкарысталі ўласны дрон-перахопнік Blaze. Калі невядомы апарат пакінуў паветраную прастору Латвіі, вайскоўцы прынялі рашэньне самаліквідаваць перахопнік, каб ён выпадкова не перасёк расейскую мяжу. Менавіта з гэтым, паводле латвійскіх вайскоўцаў, быў зьвязаны пачуты ў раёне выбух.

Прадстаўнік узброеных сілаў Латвіі Сэлдзіс Грасманіс сказаў, што тып і прыналежнасьць невядомага апарата ўстанавіць не ўдалося. Ён дапусьціў, што гэта мог быць украінскі бесьпілётнік, але падкрэсьліў, што гэта толькі здагадка.

Латвія і саюзьнікі па NATO працягваюць назіраньне за паветранай прасторай. На ўсходняй мяжы краіны разьмешчаныя дадатковыя падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны.

Крыніцы

Чытай «Варту» ў TelegramАпэратыўныя навіны і важныя абвесткі