Прэзыдэнтка Эўрапейскага цэнтральнага банку Крысьцін Лягард абвясьціла 29 кастрычніка, што пакіне пасаду 7 лютага 2027 году, амаль на дзевяць месяцаў раней за заканчэньне свайго васьмігадовага тэрміну.
Паводле афіцыйнага паведамленьня ЭЦБ, Лягард праінфармавала пра рашэньне Раду кіраўнікоў банку і старшыню Эўрапейскай рады Антонію Кошту. Яе паўнамоцтвы павінны былі скончыцца 31 кастрычніка 2027 году.
Наступніка кіраўніцы банку прызначыць Эўрапейская рада ў адпаведнасьці з артыкулам 283 Дамовы аб функцыянаваньні Эўрапейскага Зьвязу. Антонію Кошта паведаміў, што працэс адбору пачынаецца неадкладна.
Паводле Associated Press, датэрміновы сыход дазволіць кіраўнікам ЭЗ вызначыцца з кандыдатам яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі ўвесну 2027 году. Пры гэтым банк чакаюць і іншыя кадравыя зьмены: у траўні заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў галоўнага эканаміста Філіпа Лэйна, а ў студзені пасаду пакіне сябра выканаўчай рады Ізабэль Шнабэль.
ЭЦБ вызначае ключавыя працэнтныя стаўкі для краінаў эўразоны. Ягоная палітыка ўплывае на кошт крэдытаў, іпатэкі і фінансаваньня прадпрыемстваў. Зьмена кіраўніцтва адбываецца ў час павышанай інфляцыі і дарагой энэргіі.
Асоба наступнага прэзыдэнта пакуль афіцыйна не вызначаная.