З 1 лістапада 2026 году грамадзяне Беларусі больш ня змогуць уяжджаць у Чарнагорыю без візы толькі на падставе беларускага пашпарта. Паводле афіцыйнай інфармацыі чарнагорскага МЗС, ранейшы парадак бязьвізавага ўезду дзейнічае да 31 кастрычніка ўключна.
Для ўладальнікаў некаторых замежных дакумэнтаў захоўваюцца выключэньні. Беларусы з дзейнай візай ЗША або амэрыканскім дазволам на жыхарства могуць уяжджаць у Чарнагорыю без асобнай чарнагорскай візы на тэрмін да 30 дзён. Такое ж правіла дзейнічае для ўладальнікаў адпаведных дакумэнтаў краінаў Шэнгенскай зоны, Вялікай Брытаніі і Ірляндыі.
Калі тэрмін дзеяньня візы або дазволу на жыхарства заканчваецца раней, дазволены тэрмін знаходжаньня ў Чарнагорыі таксама скарачаецца.
Беларускім грамадзянам, якія не падпадаюць пад гэтыя выключэньні, неабходна загадзя аформіць чарнагорскую візу.