Кітай гатовы павялічваць закупкі беларускіх тавараў і падтрымліваць інвэстыцыі сваіх кампаніяў у Беларусі. Адначасова Пекін чакае ад Менску адкрытых, празрыстых і прадказальных умоваў для працы кітайскага бізнэсу.
Пра гэта прэм’ер Дзяржаўнай рады Кітаю Лі Цян заявіў 19 кастрычніка на сустрэчы зь беларускім прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным у Душанбэ. Перамовы адбыліся падчас пасяджэньня кіраўнікоў урадаў краінаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Паводле кітайскага дзяржаўнага агенцтва «Сіньхуа», Лі Цян выказаў зацікаўленасьць у імпарце большай колькасьці якаснай прадукцыі зь Беларусі. Ён таксама прапанаваў паглыбляць супрацоўніцтва ў аўтамабільнай прамысловасьці, лічбавай эканоміцы, штучным інтэлекце і экалягічных тэхналёгіях.
Кітайскі прэм’ер заявіў пра падтрымку інвэстыцый кітайскіх кампаніяў у Беларусі і выказаў спадзяваньне, што Менск забясьпечыць ім адкрытае, празрыстае і прадказальнае дзелавое асяродзьдзе.
Турчын назваў Кітай важным партнэрам Беларусі і выказаў гатоўнасьць пашыраць прамысловае, гандлёвае і тэхналягічнае супрацоўніцтва. Ён таксама згадаў 35-годзьдзе ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў, якое будзе адзначацца ў 2027 годзе.
У паведамленьні «Сіньхуа» няма зьвестак пра новыя падпісаныя кантракты, канкрэтныя аб’ёмы будучага імпарту або дадатковыя кітайскія інвэстыцыі. Пакуль гаворка ідзе пра заяўленыя намеры бакоў, а не пра ўжо дасягнутыя гандлёвыя вынікі.