Падразьдзяленьне спэцназу сухапутных войскаў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірану прыбыло ў Беларусь для ўдзелу ў супольных антытэрарыстычных вучэньнях краінаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, паведаміла 6 кастрычніка іранская агенцыя Tasnim са спасылкай на КВІР.
Антытэрарыстычны цэнтар СНД раней паведамляў, што кастрычніцкая апэрацыйная фаза вучэньняў у Беларусі будзе сумешчаная з фінальным этапам супольных антытэрарыстычных вучэньняў кампэтэнтных органаў ШАС. У ёй заяўлены ўдзел спэцыяльных падразьдзяленьняў Беларусі, Ірану, Казахстану, Кітаю, Расеі і Ўзбэкістану.
КВІР заявіў, што іранскае падразьдзяленьне накіраванае для ўдзелу ў вучэньнях і абмену досьведам. У правераных крыніцах не пазначаныя колькасьць іранскіх вайскоўцаў і канкрэтнае месца іх разьмяшчэньня.