Ураган «Лоўэл» прынёс на заходнія выспы Гаваяў разбуральны вецер і моцныя дажджы. На Каўаі зафіксаваныя парывы да 80 міль за гадзіну (каля 130 км/г), а Нацыянальная мэтэаралягічная служба папярэджвае пра паводкі, небясьпечны прыбой і магчымыя далейшыя пашкоджаньні.
Для Каўаі і Ніігаў дзейнічае ўраганнае папярэджаньне, а для Оагу, дзе жыве каля мільёна чалавек, — папярэджаньне пра трапічны шторм. Улады Гаваяў зачынілі 8 верасьня дзяржаўныя і акруговыя ўстановы, дзяржаўныя школы, шэраг унівэрсытэцкіх кампусаў і судовых установаў на Оагу і ў акрузе Каўаі.
Паводле Associated Press, цэнтр шторму прайшоў на захад ад асноўных выспаў, але шырокая зона моцнага ветру працягвае ўплываць на штат. Нацыянальная мэтэаралягічная служба паведамляла, што падчас найбольшага набліжэньня «Лоўэла» хуткасьць устойлівага ветру ў сыстэме складала каля 110 міль за гадзіну (177 км/г).