Міністэрства юстыцыі ЗША распачало сэрыю крымінальных справаў супраць неграмадзянаў, якіх абвінавачваюць у незаконнай рэгістрацыі і галасаваньні на амэрыканскіх выбарах. Выпадкі ахопліваюць Пэнсыльванію, Нью-Джэрзі, Вісконсін, Каліфорнію і Масачусэтс.
4 верасьня DOJ абвясьціў аб абвінавачаньнях адразу супраць пяці чалавек.
У Пэнсыльваніі 50-гадовую Marisol Guzman абвінавачваюць у тым, што яна, ня будучы грамадзянкай ЗША, прагаласавала на выбарах 2024 году. Яе 68-гадовы муж Thomas Holtzman, грамадзянін ЗША, паводле сьледзтва, дапамог ёй зарэгістравацца і падаў ілжывыя зьвесткі пра яе грамадзянства. Па найбольш сур’ёзным абвінавачаньні яму пагражае да 10 гадоў турмы.
Яшчэ адну жыхарку Пэнсыльваніі, грамадзянку Мэксыкі Katya Rodriguez, абвінавачваюць у тым, што яна ілжыва назвала сябе грамадзянкай ЗША, зарэгістравалася і прагаласавала ў 2024 годзе.
У Вісконсіне грамадзяніну Мэксыкі Jesus Javier Jurado Garcia інкрымінуюць незаконнае галасаваньне на выбарах 2022 году. У Нью-Джэрзі грамадзянку Эквадору Mercedes Alexandra Cardoso, якая прыехала па турыстычнай візе, абвінавачваюць у незаконнай рэгістрацыі і галасаваньні на праймэрыз 2024 году.
Асобна ў Каліфорніі быў арыштаваны грамадзянін Гандурасу Darwin Jonathan Rivera Flores. Ён мае грын-карту, але, паводле фэдэральнай скаргі, пры рэгістрацыі выбарцам пазначыў, што зьяўляецца грамадзянінам ЗША. Сьледзтва не сьцьвярджае, што ён пасьпеў прагаласаваць.
А 3 верасьня вялікае журы ў Масачусэтсе прад’явіла абвінавачаньне грамадзяніну Кітаю Yupeng Sun. Паводле DOJ, ён выкарыстаў чужую асобу, зарэгістраваўся выбарцам і аддаў датэрміновы бюлетэнь на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году.
Гэтыя справы самі па сабе не паказваюць маштабу незаконнага галасаваньня па ўсёй краіне. Але яны пацьвярджаюць прынцыпова важны факт: прававая забарона для неграмадзянаў галасаваць не азначае, што выбарчыя сыстэмы тэхнічна заўсёды спыняюць незаконную рэгістрацыю да выдачы бюлетэня.
Асобная праблема — спрэчкі паміж штатамі і фэдэральнымі ўладамі наконт доступу да сьпісаў выбарцаў. DOJ ужо падаваў пазовы супраць штатаў, у тым ліку Каліфорніі, праз адмову перадаць запатрабаваныя рэгістры.
Амэрыканская рэспубліка трымаецца ня толькі на тым, што галасы правільна падлічылі. Яна трымаецца на ўпэўненасьці грамадзян, што галасуе толькі той, хто мае на гэта права, а кожны законны бюлетэнь мае аднолькавую вагу.
Калі гэтая ўпэўненасьць зьнікае, шкода для выбарчай сыстэмы пачынаецца яшчэ да таго, як нехта дакажа, што незаконныя галасы зьмянілі вынік канкрэтных выбараў.
Усе названыя асобы на гэты момант толькі абвінавачаныя. Іхная віна павінна быць даказаная ў судзе.