ICE перайшла ад плянаў да закупкі: ведамства падпісала кантракт коштам $16,7 млн з кампаніяй Compliant Technologies на электрашокавыя пальчаткі для супрацоўнікаў іміграцыйнай службы. Асноўная партыя складае 6 000 працоўных камплектаў, дадаткова закупляюцца навучальныя адзінкі, расходныя матэрыялы і абслугоўваньне.
Гэта істотнае абнаўленьне гісторыі, пра якую «Варта» пісала 13 жніўня. Тады ICE толькі плянавала выдаткаваць на такую тэхналёгію да $20 млн. Цяпер фэдэральныя закупачныя дакумэнты паказваюць, што кантракт ужо прысуджаны без адкрытага конкурсу.
Прылада мае афіцыйную назву G.L.O.V.E., скарот ад ангельскага Generated Low Output Voltage Emitter, то бок «генэратар нізкавольтнага электрычнага імпульсу». Яна выглядае як звычайная патрульная пальчатка, але пасьля актывацыі можа перадаваць балючы электрычны разрад пры непасрэдным кантакце са скурай.
Паводле закупачнага абгрунтаваньня, ICE хоча выкарыстоўваць гэтыя прылады падчас затрыманьняў, перавозкі затрыманых і іншых сытуацыяў, калі чалавек супраціўляецца. Ведамства называе іх сродкам зьніжэньня неабходнасьці ў больш жорсткай сіле. Крытыкі, у тым ліку група сэнатараў-дэмакратаў і праваабаронцы, патрабуюць ясных правілаў ужываньня і кантролю.
Для імігрантаў гэта не зьмена статусу, не новая падстава для затрыманьня і не новая працэдура дэпартацыі. Зьмяняецца арсэнал сродкаў прымусу, які ICE рыхтуецца выдаваць сваім супрацоўнікам. Пакуль публічна не вядома, дзе і калі пачнецца масавая выдача пальчатак і якія канкрэтныя ўнутраныя абмежаваньні будуць дзейнічаць пры іх ужываньні.