З 1 верасьня ў Беларусі павысяць усе віды працоўных пэнсіяў. Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, пасьля пераразьліку выплаты вырастуць у сярэднім на 5%.
Павышэньне закране пэнсіі па ўзросьце, за выслугу гадоў, па інваліднасьці і ў выпадку страты карміцеля. Указ №288 быў падпісаны 24 жніўня.
Мінпрацы папярэдне ацэньвае, што сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў верасьні складзе каля 1 125 беларускіх рублёў. Гэта на 145 рублёў, або на 14,8%, больш, чым у верасьні 2025 году.
Гэта ўжо другое павышэньне працоўных пэнсіяў у 2026 годзе: з 1 лютага яны ў сярэднім вырасьлі на 10%. Пры гэтым лічба 5% зьяўляецца сярэдняй: канкрэтная сума пераразьліку залежыць ад індывідуальнага памеру пэнсіі.
Пераразьлік павінен адбыцца аўтаматычна. Асобна зьвяртацца ў органы сацыяльнай абароны дзеля самога верасьнёўскага павышэньня ня трэба.