Іран у панядзелак заявіў, што дасягнуў з Аманам паразуменьня наконт мапы маршруту для суднаў праз Армузскую пратоку. Бакі цяпер дапрацоўваюць дэталі сумеснай заявы.
Паводле Associated Press, схема, якую абмяркоўваюць Тэгеран і Маскат, прадугледжвае маршрут праз воды дзьвюх прыбярэжных дзяржаваў. Раней разглядалася магчымасьць, што ў пераходны пэрыяд судны змогуць праходзіць без збораў. Пакуль гэта не азначае поўнага адкрыцьця пратокі: сумесная заява яшчэ не апублікаваная, а Вашынгтон не паведаміў, ці лічыць прапанаваную схему прымальнай.
Гэта істотны крок у сюжэце, пра які «Варта» пісала ўчора. 60-дзённы тэрмін для шырэйшай дамовы ЗША і Ірану скончыўся без выніку, але асобны аманскі трэк па суднаходзтве працягваецца.
Яшчэ ў чэрвені Аман і Іран афіцыйна стварылі сумесную працоўную групу для перамоваў пра будучае кіраваньне навігацыяй у пратоке. Цяперашняя заява Тэгерану сьведчыць, што бакі перайшлі ад агульнай рамкі да канкрэтнага маршруту.
Пратока застаецца адным з галоўных вузкіх месцаў сусьветнага энэргетычнага рынку: да вайны празь яе праходзіла каля пятай часткі сусьветнага гандлю нафтай. Таму нават частковае аднаўленьне прадказальнага руху можа мець значэньне далёка за межамі рэгіёну.