Гішпанскі F-18, які нёс дзяжурства ў складзе місіі паветранай паліцыі NATO, зьбіў дрон, што ўвайшоў у паветраную прастору Румыніі каля Галаца. Румынскае Міністэрства абароны паведаміла, што цэль была выяўленая а 4:44, а зьбітая а 5:01 пасьля дазволу на паражэньне.
Румынія пакуль афіцыйна не назвала паходжаньне апарата. Міністэрства абароны Малдовы паведаміла, што перад гэтым зафіксавала ў сваёй паветранай прасторы дрон тыпу Geran/Shahed, які ўвайшоў з боку Ўкраіны і пайшоў у кірунку Румыніі. Прадстаўнік вайсковага камандаваньня NATO заявіў Wall Street Journal, што апарат, імаверна, быў расейскім.
Гэта ўжо новы этап праблемы, пра якую «Варта» пісала ў ліпені: тады Румынія за тры дні зьбіла тры дроны. Цяпер перахоп выканаў не румынскі, а гішпанскі самалёт у рамках саюзьніцкай місіі NATO.
Інцыдэнт паказвае, што паветраная вайна вакол Украіны ўсё часьцей непасрэдна закранае тэрыторыю краінаў NATO. Пры гэтым дакладнае паходжаньне дрона і абставіны ягонага маршруту яшчэ расьсьледуюцца.